Штылю ў душы Маракам

Трохразовае «Ура!» гучала ў мінулую нядзелю ля мемарыяльнага знака Героя Савецкага Саюза, віцэ-адмірала Ягора Томкі. Урачыстасць, прысвечаная Дню Ваенна-Марскога Флоту, сабрала ваенных маракоў з Міёрскага і Верхнядзвінскага раёнаў.

Шмат беларусаў прысвяцілі сябе флоту, яскравы таму прыклад – наш зямляк, Герой Савецкага Саюза, віцэ-адмірал Ягор Томка, памяць якога шануюць на Міёршчыне, падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Жук. Яснага неба, моцнага здароўя, поспехаў у справах пажадаў ваенным маракам.

Напярэдадні Дня Ваенна-марскога флоту – 24 ліпеня – на Міёршчыне зарэгістравана першасная арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз вайсковых маракоў», якую ўзначаліў капітан трэцяга ранга Валерый Перашывайлаў. Адметна, што яна з’явілася ў 330-ю гадавіну Ваенна-Марскога Флоту і 120-ю з дня заснавання падводнага флоту.

Флоцкія традыцыі святыя для маракоў, заўважыў ваенны камісар Верхнядзвінскага раёна Аляксандр Ланін. Тым, хто зрабіў свой унёсак у марскі летапіс, пажадаў штылю ў душы.

Хто хоць аднойчы апрануў цяльняшку, той назаўсёды застанецца смелым і мужным чалавекам, на якога можна спадзявацца, значылася ў віншаванні, што даслаў старшыня Савета «Беларускага саюза вайсковых маракоў» Валерый Халадзілін.

Юбілейныя медалі і падзякі ад абласнога аддзялення Беларускага саюза вайсковых маракоў уручылі многім удзельнікам урачыстасці.

Ваенныя маракі ўсклалі кветкі да мемарыяльнага знака. Пасля наведалі іншыя памятныя месцы райцэнтра.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ.